помнік архітэктуры позняга рэнесансу ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1617 з цэглы па фундацыі Л.Сапегі на месцы драўлянага храма, закладзенага ў 1596 Язлавецкімі. У 1768 прыбудаваны капліцы св. Крыжа, у 1787 — св. Варвары. У 1779 касцёл рэканструяваны ў стылі ранняга класіцызму (арх. Я.С.Бекер): звонку прыбудаваны зах. партал і паўн. сакрысція, унутры сцены апрацаваны пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэра, адноўлены хоры, бакавыя алтары, амбон і інш. Рамантаваўся ў 1850 і 1894. Храм 1-нефавы, з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе, арыентаваны на З. Па баках нефа знаходзяцца капліцы, прэсбітэрыя — сакрысціі. Сцены нефа звонку ўмацаваны контрфорсамі, паміж імі — аконныя праёмы з арачнымі завяршэннямі. Вежа (3 васьмерыкі на чацверыку) накрыта стромкім шатром, мае 3 уваходы. Маст. афармленне храма вырашана ў стылях позняга барока і ракако. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны арх. пластыкай, скульптурай і жывапісам. У апсідзе 4-калонны гал. алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб 2 жонак Сапегі. Абапал калон — драўляныя паліхромныя выявы святых Пятра і Паўла. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка 18 ст. Стукавая і драўляная скульптура работы І.Прукнера (1789), М. і К. Роўбваў. Захаваліся кандэлябры, абразы 18 ст., габеленавыя і шаўковыя арнаты.